Сітуацыя ў свеце вымушае Беларусь і Іран шукаць запатрабаваныя формы супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ірана ў Беларусі Саідам Яры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб супрацоўніцтве з Іранам, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вынікі маглі б быць значна большыя, але ўсё тое, што ўжо зроблена за перыяд дзейнасці пасла ў Беларусі, з'явіцца асновай, фундаментам будучых двухбаковых адносін. "Вядома ж, як я ўжо сказаў, больш маглі зрабіць, але сітуацыя, якая складваецца ў свеце і вакол Ірана і Беларусі, на шчасце, вымушае нас быць бліжэй і шукаць тыя формы супрацоўніцтва, якія сёння запатрабаваны", - адзначыў беларускі лідар.
Узровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі Прэзідэнт ацаніў як нармальны, але разам з тым, паводле яго слоў, хацелася б бачыць яго "больш аб'ёмным". "Нам трэба пераходзіць ад простага гандлю да кааперацыі. Трэба ў Іране і ў Беларусі ствараць сумесныя вытворчасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выказаў зацікаўленасць наконт сумеснага праекта Расіі, Азербайджана, Ірана па будаўніцтве чыгуначнага і аўтамабільнага пуці Поўнач-Поўдзень. Аб гэтым праекце, у прыватнасці, ішла размова на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. "Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вы бачыце, што задач перад нашымі дзяржавамі, перад кіраўніцтвам краін шмат. Я вельмі спадзяюся, што ваша далейшая работа, у тым ліку і ў Тэгеране, будзе садзейнічаць паглыбленню нашых адносін. Думаю, што вы асабіста ў гэтым будзеце зацікаўлены", - звярнуўся Прэзідэнт да пасла Ірана, чыя дыпламатычная місія ў Беларусі падышла да завяршэння.
Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў 2022 годзе актыўна развівалася. Узаемны тавараабарот перасягнуў $100 млн, што ў тры разы вышэй за паказчыкі за 2021 год: амаль $101 млн супраць $33,3 млн. Пры гэтым беларускі экспарт у Іран павялічыўся амаль у 6 разоў - $81,3 млн у 2022-м і $14 млн у 2021-м. У гэту краіну пастаўляліся ў асноўным калійныя ўгнаенні, спецыфічныя тавары, лесаматэрыялы, сінтэтычныя ніці. З Ірана імпартаваліся арэхі, свежыя фрукты, сметанковае масла, агародніна, салата латук.
Крынiца: БелТА