12 верасня ў Пухавіцкім раёне адбыўся збор па тэрытарыяльнай абароне са старшынямі райвыканкамаў і ваеннымі камісарамі раёнаў. Збор прайшоў пад кіраўніцтвам старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанка.
Падчас збору дадзена ацэнка кожнаму раённаму выканаўчаму камітэту. Два лепшых узнагароджаны па выніках года. Начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны - намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Андрэй Пасека ўручыў граматы старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыю Горлаву і старшыні Пухавіцкага райвыканкама Віктару Калядзе.
Ваенны камісар камісарыята Мінскай вобласці Ігар Тарабеш распавёў, што падчас збору прайшлі тэарэтычныя заняткі па абсталяванні пункта кіравання штабоў раёнаў тэрытарыяльнай абароны, а затым і практычныя заняткі, на якіх адпрацавалі парадак адлюстравання нападу на ахоўны аб'ект, практычны занятак па стральбе і інш.
Удзельнікі збору ўсклалі кветкі да помніка воінам на алеі вайсковай Славы, узведзенай у 2019 годзе ў гонар мінулых і цяперашніх пакаленняў абаронцаў Радзімы.
«Такія вучобы вельмі неабходны, - адзначыў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. - Гэта свайго роду падвядзенне вынікаў за пэўны прамежак часу. У мінулым годзе была праведзена праверка штабоў тэрытарыяльнай абароны, былі зроблены заўвагі, мы іх ўлічылі, выправілі. Прадстаўнік Генеральнага штаба дакладваў, што мы выйшлі на той узровень, які павінен быць, хоць і ёсць пэўныя недахопы. Сёння іх зноў будзем разбіраць. Прыемна, што нашы два кіраўнікі атрымалі граматы за годныя вынікі».
У інтэрв'ю журналістам ваенны камісар камісарыята Мінскай вобласці Ігар Тарабеш запэўніў: «Можаце спаць спакойна, мы гатовы да адлюстравання любога нападу».