Мінская вобласць прыняла ўдзел у бізнес-форуме «Кітай - Беларусь: гандлёва-эканамічныя адносіны, перспектывы супрацоўніцтва, інвестыцыйны патэнцыял», які стаў галоўнай дзелавой падзеяй нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на другой Кітайскай міжнароднай выставе імпарту China International Import Expo у Шанхаі, паведамляе прэс-служба Мінскага аблвыканкама.
Выступаючы з прывітальным словам, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Ігар Макар адзначыў, што Беларусь і Кітай з'яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, сумесна развіваюць гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны, сферу паслуг.
Прыкладам станоўчага эканамічнага ўзаемадзеяння Кітая і Мінскай вобласці з'яўляецца новы завод па вытворчасці нітрату калію, адкрыццё 1-й чаргі будаўніцтва якога адбылося 6 лістапада. Гэта першы сумесны праект ААТ «Беларуськалій» і кітайскай кампаніі Migao Corporation Limited, якая з'яўляецца вядучым вытворцам кітайскага рынку якасных спецыялізаваных калійных угнаенняў. Плануецца, што прадукцыя будзе прадавацца ў краіны Еўрасаюза, Турцыю і Расію, а таксама КНР, што прадугледжана падпісаным з Migao Corporation Limited асобным пагадненнем.
- Аб'ём прамых інвестыцый з Кітая на чыстай аснове вырас за 2018 год у 3 разы. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў Кітай за паўгода вырас у 6,5 разоў, у тым ліку малочнай прадукцыі – у 4,5 разоў. На тэрыторыі Мінскай вобласці размешчаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Сёння там працуюць больш за 40 рэзідэнтаў, а дзякуючы гэтаму мерапрыемству з'явіліся і новыя партнёры. Нам ёсць да чаго імкнуцца і над чым працаваць, - сказаў Ігар Макар.
Таксама ён падкрэсліў, што правядзенне імпартнага ЭКСПА – гэта важная падзея для вытворцаў Мінскай вобласці. З прадукцыяй прадпрыемстваў рэгіёну можна азнаёміцца ў нацыянальнай экспазіцыі Беларусі.