Для валанцёраў атрада БТЧК "Добрае сэрца" сярэдняй школы №2 горада Смалявічы ўжо стала добрай традыцыяй бываць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ў вёсцы Жажалка і дарыць яго пастаяльцам свята. Вось і гэтым разам валанцёры арганізавалі сапраўднае свята для пажылых людзей, а сабраныя рэчы, сярод якіх былі цёплыя рэчы і шкарпэткі, перадалі пастаяльцам. Літаральна месяц таму валанцёры звярнуліся да жыхароў раёна з просьбай перадаць для адзінокіх пажылых людзей вязаныя цёплыя шкарпэткі. Іх рабяты і перадалі адзінокім старым. А яшчэ – падарункі і цёплыя рэчы.
Але далёка не падарункі чакаюць пажылыя людзі, якія апынуліся там з-за складаных жыццёвых абставінаў, адзіноты альбо праблем са здароўем. Увага і клопат - вось што трэба адзінокім старым. Таму валанцёры Чырвонага Крыжа не спяшаюцца сыходзіць адтуль. Яны гуляюць з пажылымі людзьмі ў настольныя гульні, разам спяваюць песні і шмат размаўляюць.
Так атрымліваецца, што для валанцёраў наведванне пажылых людзей - гэта самая драбніца таго, што яны могуць для іх зрабіць, а для адзінокіх старых іх прыход як святло ў акенцы. Таму столькі часу і размаўляюць, наведваюць, падтрымліваюць. І далей абавязкова будуць гэта рабіць.