22 лістапада ў Доме прэсы прайшла прэс-канферэнцыя "Аб супрацоўніцтве Міністэрства інфармацыі і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа па пытаннях папулярызацыі гуманітарнай дзейнасці і развіцця валанцёрскага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Планы на 2020 год".
У рамках гэтага мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу журналістаў і СМІ "Чырвоны Крыж у Беларусі і свеце", які прысвечаны 70-й гадавіне прыняцця Жэнеўскіх канвенцый 1949 года. Конкурс праходзіў з мая па верасень 2018 года ў Беларусі. У ім удзельнічалі больш за 50 журналістаў.
Дыпломы пераможцам конкурсу ўручылі Міністр інфармацыі і Генеральны сакратар БТЧК.
У катэгорыі "Чырвоны Крыж у Беларусі і свеце" сярод друкаваных СМІ" 3 месца заняла ўраджэнка Смалявіччыны Наталля Тышкоўская за цыкл артыкулаў на тэму лепшага асвятлення гуманітарнай дзейнасці Чырвонага Крыжа ў Беларусі і свеце.
Акрамя дыпломаў пераможцы атрымалі сувеніры і кнігу У. Ліхадзедава "Місія міласэрнасці. Ілюстрацыйная гісторыя Чырвонага Крыжа ў Беларусі". Дарэчы, выданне кнігі - сумесны праект Міністэрства інфармацыі і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Аляксандр Карлюкевіч выказаў надзею, што ў будучыні конкурс прыцягне яшчэ большую ўвагу з боку СМІ. Тым больш што ў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа нямала годных ініцыятыў, пра якія карысна інфармаваць шырокае кола людзей. Гэта традыцыйныя праекты па аказанні дапамогі ахвярам сямейнага гвалту, адзінокім пажылым грамадзянам, па працы ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі, Служба сясцёр Міласэрнасці, а таксама новыя — па развіцці сістэмы інтэграванай дапамогі і падтрымцы асоб, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі.