Многія лічаць слабаалкагольныя напоі бясшкоднымі. Тонікі, энергетычныя напоі і слабаалкагольныя кактэйлі агульнадаступныя і іх можа набыць у краме нават непаўнагадовы.
Цалкам безалкагольных сем'яў у нас няшмат. Многія бацькі практыкуюць культурнае застолле, у якім удзельнічаюць і дзеці. Праз гэты рытуал праходзяць усе, але для некаторых ён становіцца традыцыяй, хоць часцей выпадкі ранняга алкагалізму сустракаюцца ў няшчасных сем'ях. Дзеці п'юць таму, што п'юць дарослыя. Пераймальны рэфлекс у дзяцей моцна развіты. З аднагодкамі на падлеткавых «тусоўках» дзеці прайграваюць той застольны рытуал, які назіраюць у сям'і.
Вядомы выпадкі, калі за вельмі кароткі перыяд сістэматычнага ўжывання алкаголю ў дзіцяці фармуецца залежнасць. Каб атрымаць атручэнне, маленькаму чалавеку дастаткова выпіць трохі моцнага піва ці джын-тоніка. Часам, калі своечасова не аказаць медыцынскую дапамогу, магчымы і смяротны зыход. Усё залежыць ад дозы выпітага, вагі чалавека і стану яго здароўя.
Галоўныя правілы для бацькоў:
- ніколі не прапануйце выпіць дзецям за святочным сталом і не дазваляйце гэта рабіць навакольным, старайцеся не даваць дзіцяці нават цукеркі з алкаголем;
- не пакідайце без нагляду маленькіх дзяцей за сталом, застаўленым алкагольнымі напоямі;
- памятаеце, што вы з'яўляецеся прыкладам ва ўсім для сваіх дзяцей.