Быць сапраўдным мужчынам - гэта не толькі прымаць віншаванні 23 лютага. Часцяком мужчынам даводзіцца праяўляць сябе ў розных бытавых сітуацыях, ці, напрыклад, прыходзіць на дапамогу дзяўчатам, у якіх на дарозе зламаўся аўтамабіль. Толькі вось існуе меркаванне, што сучасныя мужчыны ўсё радзей спыняюцца на дарозе, нават калі бачаць на абочыне няспраўны аўтамабіль, побач з якім стаіць безабаронная разгубленая дзяўчына.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны карэспандэнт "КС" разам з інспектарам АДАІ Смалявіцкага РАУС Ірынай Стральцовай вырашылі праверыць, ці ёсць на дарогах Смалявіччыны джэнтльмены.
Для гэтага на аўтадарозе недалёка ад Смалявічаў дзяўчына рабіла выгляд, што ў яе зламалася машына і "галасавала" – спрабавала спыніць кіроўцаў, прасіла аб дапамозе.
Правесці эксперымент нам дапамагла смалявічынка Аляксандра, у якой нібыта "зламаўся" аўтамабіль на трасе Р-53 "Слабада-Навасады" блізу Смалявічаў.
Таксама да нас далучылася намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Смалявіцкім раёне Вольга Сурага. Разам з Ірынай Стральцовай яны дарылі падарункі мужчынам, якія прыйшлі на дапамогу безабароннай дзяўчыне, у якой зламаўся аўтамабіль. Але, вядома ж, першапачаткова, мужчыны пра гэта і не здагадваліся. Ірына Стральцова, Вольга Сугара і карэспандэнт "КС" назіралі за тым, што адбываецца здалёк, і ўжо пасля таго, як мужчыны спрабавалі паправіць аўтамабіль, мы падыходзілі да іх, дзякавалі за дапамогу і віншавалі з надыходзячым святам.
Сонечнае надвор'е, ажыўленая траса і дзяўчына, якой патрэбна дапамога. Калі шчыра, першапачаткова мы думалі, што выратавальніка прыйдзецца чакаць доўга, бо Р-53-траса, якая злучае Мінск са Смалявічамі, Жодзіна, Барысавам, на ёй заўсёды вялікі паток машын, многія мчаць па працоўных справах. Аднак ужо праз пяць хвілін, як быў выстаўлены знак аварыйнага прыпынку і на машыне зазіхацелі "аварыйкі", дапамагчы Аляксандры спыніўся першы мужчына, прычым на працоўным мікрааўтобусе.
Як высветлілася, Вадзім ехаў з Жодзіна ў Мінск па працоўных справах. Хоць мужчына і спяшаўся, аднак, па яго словах, не мог праехаць міма безабароннай дзяўчыны. За сваю свядомасць ён атрымаў памятныя падарункі і добрыя пажаданні напярэдадні свята.
Толькі мы сышлі ў "засаду", як дапамагчы Аляксандры спыніўся смалявічанін Сяргей. Мужчына прызнаўся, што не заўсёды спыняецца ў падобных сітуацыях. Але дапамагчы дзяўчыне, па яго думку, – справа святая.
Прыйшоў на дапамогу пацярпелай і малады тата Яўген, у аўтамабілі якога была жонка і маленькае дзіця.
- На дарозе інакш нельга. Сёння ты прыйшоў на дапамогу, заўтра дапамогуць табе, - адзначыў малады чалавек.
За паўгадзіны эксперыменту дапамагчы Аляксандры спыніліся дзесяць чалавек. І прыемна, што гэта былі і маладыя людзі, і мужчыны ва ўзросце. Былі і тыя, хто праігнаравалі "пацярпелую". Але прыемна ўсведамляць, што па дарогах Смалявіччыны ездзяць сапраўдныя мужчыны, якія гатовы прыйсці на дапамогу.
- Мужчыны сёння праявілі сябе з найлепшага боку, і гэта не можа не радаваць, – адзначыла Ірына Стральцова. - Узаемапавага і гатоўнасць прыйсці на дапамогу вельмі важныя.