Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае сёння ўдзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З-за неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкі сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіць у анлайн-рэжыме. Як паведамілі ўчора ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі, у час выступлення на саміце Аляксандр Лукашэнка дасць ацэнку стану міжнароднай бяспекі, агучыць шэраг ініцыятыў Беларусі, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці арганізацыі.
Лідары краін АДКБ абмяркоўваюць сітуацыю ў рэгіёне арганізацыі і свеце ў цэлым, выкананне дасягнутых раней дамоўленасцей і процідзеянне новым выклікам і пагрозам, умацаванне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і прыярытэтныя напрамкі дзейнасці АДКБ.
Раней прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў расказаў, што па выніках сесіі плануецца падпісаць дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі і заяву аб фарміраванні справядлівага і ўстойлівага светаўладкавання. Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў зацвердзяць план развіцця ваеннага супрацоўніцтва на 2021-2025 гады і новую антынаркатычную стратэгію.
У парадак дня саміту ўключаны праекты рашэнняў па матэрыяльна-тэхнічным і медыцынскім забеспячэнні Калектыўных сіл, удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі кадраў для органаў дзяржаўнай улады дзяржаў - членаў АДКБ.
Напярэдадні таксама ў анлайн-рэжыме адбыліся пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АДКБ і Савета міністраў абароны АДКБ.