Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Беларусі Насірджанам Юсупавым у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З вялікім задавальненнем хачу адзначыць, што адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваюцца даволі плённа. Мне вельмі прыемна адзначыць, што за час вашай работы актывізаваліся нашы адносіны на высокім і вышэйшым узроўні. Добрыя, даверныя адносіны нашых прэзідэнтаў, вядома, даюць нам магчымасць плённа супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Важна, што мы адкрылі пасольства Узбекістана ў нашай краіне. Развіваюцца гандлёва-эканамічныя адносіны, культурныя, у сферы адукацыі. Прайшоў I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, і мы спадзяёмся, што гэта традыцыя будзе прадоўжана", - сказала Наталля Качанава.
Спікер акцэнтавала ўвагу, што паміж краінамі ўстаноўлены добрыя міжпарламенцкія сувязі.
"Пры Савеце Рэспублікі створаны маладзёжны савет, і нашы маладыя людзі першымі сталі супрацоўнічаць менавіта з моладдзю Узбекістана. Думаю, гэта знакавая падзея. Таму што, калі будзе ўзаемадзейнічаць моладзь, у нас будуць сур'ёзныя перспектывы, - расказала яна. - Я ўпэўнена, што вы едзеце з самымі цёплымі ўспамінамі аб нашай краіне і народзе. Хачу пажадаць вам поспехаў і выказаць удзячнасць за такое добрае, плённае супрацоўніцтва".
Пасол адзначыў, што задаволены вынікамі сваёй дзейнасці ў Беларусі.
"Магчыма, не ўсё з запланаванага ўдалося выканаць, але галоўнае ўсё ж такі ўдалося зрабіць. Аб гэтым сведчаць і нашы агульныя паказчыкі. Ёсць эканамічны рост. Значна павялічылася колькасць беларускіх прадпрыемстваў ва Узбекістане і ўзбекскіх тут. Вырас тавараабарот, пайшлі інвестыцыі. Значна павялічылася колькасць студэнтаў з Узбекістана, якія тут навучаюцца. Нам упершыню ўдалося на вельмі высокім узроўні правесці форум рэгіёнаў, Дні культуры Узбекістана. Вельмі шмат дэлегацый з Беларусі пабывалі ва Узбекістане. Вельмі добрыя кантакты склаліся паміж міністэрствамі, ведамствамі, рэгіёнамі. Вядома, пандэмія ўнесла свае карэктывы. Але ў цэлым зроблены вельмі нядрэнны зачын. І я ўпэўнены, што ў наступны перыяд усё гэта дасць свае вынікі, і, аб'яднаўшы намаганні і ў рамках СНД, і ў рамках двухбаковых адносін, мы даб'ёмся значна большага і лепшага для нашых народаў. Гэта без сумнення", - падкрэсліў ён.
Насірджан Юсупаў заявіў, што ганарыцца быць першым паслом Узбекістана ў Беларусі. "Што датычыцца маіх асабістых уражанняў ад Беларусі і беларускага народа, то тут я правёў лепшыя гады. Гэта краіна для мяне стала такой жа роднай, як і Узбекістан. Тут я набыў другую радзіму. Тут цудоўныя людзі, вельмі дружалюбныя, цёплыя адносіны. Я ніколі гэта не забуду. Прадстаўляць інтарэсы сваёй дзяржавы ў такой выдатнай краіне - гэта вялікі гонар для мяне. Я гэта кажу сапраўды шчыра. І ў перспектыве я прыкладу ўсе намаганні для таго, каб гэтыя адносіны атрымалі сваё далейшае развіццё. Мы патрэбны адзін аднаму", - сказаў ён на заканчэнне.