Інтэрактыўную аніміраваную карту "Адкрый Мінск" прэзентавалі ў прэс-цэнтры Беларускага тэлеграфнага агенцтва, запуск вэб-даведніка прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
У аснову распрацоўкі пакладзена друкаваная версія "Мінск. Карта для дзяцей". У інтэрактыўным вэб-даведніку змешчаны звесткі пра больш як 200 аб'ектаў адпачынку і забаў сталіцы: тэатры, паркі, спартыўныя комплексы. Пад кожным з іх можна знайсці картку-апісанне, фатаграфіі, месцазнаходжанне, а ў некаторых выпадках нават віртуальны тур, 3D-панараму, аўдыя- і відэазапісы. Уся інфармацыя сістэматызавана і прадстаўлена так, каб дзіця магло лёгка знайсці патрэбны аб'ект. Маляўнічы аніміраваны інтэрфейс зробіць вывучэнне горада і планаванне падарожжаў займальным не толькі для дзяцей, але і для дарослых.
Аб магчымасцях інтэрактыўнай карты расказалі стваральнікі - прадстаўнікі РУП "Белкартаграфія", кампаніі - распрацоўшчыка ПЗ. Як растлумачыла рэдактар РУП "Белкартаграфія" Людміла Солдак, усе аб'екты сістэматызаваны па катэгорыях: выдатныя мясціны, спартыўныя аб'екты, культура і дадатковая адукацыя, адпачынак і забавы. У залежнасці ад катэгорыі аб'екты прадстаўлены намаляванымі або сюжэтнымі карцінкамі, сімваламі. Пасля агульнай інфармацыі ёсць блок з перавагамі і ўмовамі якой-небудзь установы. Напрыклад, ці ёсць бясплатная паркоўка, пандусы і разеткі для падзарадкі гаджэтаў.
Сэрвіс даступны для карыстальнікаў на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай. На гэты момант першы этап работы над інтэрнэт-версіяй карты завершаны. Другі этап прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з дзецьмі, якія пажадаюць дапамагчы праекту і прапануюць свае ідэі і заўвагі. Для таго каб прыняць удзел у абмеркаванні праекта, неабходна зарэгістравацца на сайце рэсурсу https://mapminsk.by/reg/.
Прадстаўнік кампаніі - распрацоўшчыка праграмы Канстанцін Петрашко дадаў: таксама цяпер ствараецца мабільны дадатак. У бліжэйшы час ён стане даступным у GooglePlay і AppStore і будзе бясплатным для ўсіх карыстальнікаў.
Дадатак змяшчае модулі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Напрыклад, распрацоўшчыкі прапанавалі стварыць на плошчах у невялікіх гарадах Беларусі "парталы" ў Мінск. У якасці эксперымента ў цэнтры Магілёва ўстанавілі дзверы, прайшоўшы праз якія ў акулярах віртуальнай рэальнасці можна апынуцца побач з Вялікім тэатрам оперы і балета ў сталіцы.
Яшчэ адно новаўвядзенне дадатку - магчымасць з дапамогай смартфона "ажыўляць" іншыя карты "Белкартаграфіі". Напрыклад, калі навесці мабільны тэлефон або планшэт на які-небудзь рэгіён свету ў заалагічным атласе, то з'яўляецца 3D-мадэль жывёлы, якая пражывае ў гэтай мясцовасці.
На мерапрыемстве прысутнічалі юныя карэспандэнты сталічных выданняў. Тыя з іх, якія задалі спікерам найбольш цікавыя пытанні, атрымалі ў падарунак скрэтч-карты падарожжаў. Акрамя таго, 1 верасня Дзяржкаммаёмасць і РУП "Белкартаграфія" выберуць лепшыя матэрыялы, апублікаваныя юнымі карэспандэнтамі па выніках прэзентацыі інтэрактыўнай карты.