Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!" ужо даўно стала традыцыйным, а сярод кіроўцаў рэдка можна сустрэць тых, хто не ў курсе, што ў канцы і ў пачатку кожнага навучальнага года па ўсёй рэспубліцы праходзіць такое мерапрыемства. Тым не менш, на дарогах сустракаюцца непамятлівыя вадзіцелі ды і паўтарыць правілы бяспекі - ніколі не бывае лішнім.
Так, падчас СКМ інспектары АДАІ Смалявіцкага РАУС праводзілі рэйдавыя мерапрыемствы, прафілактычныя акцыі, акцэнтуючы ўвагі кіроўцаў і пешаходаў на недапушчальнасці парушэнняў ПДР, уважлівым і асцярожным кіраванні транспартных сродкаў у дварах, паблізу школ і дзіцячых садкоў, перавозцы дзяцей. Інспектары рабілі ўпор на прафілактыку.
Завяршальным штрыхом акцыі ў Смалявіцкім раёне стала сустрэча інспектара ДПС АДАІ Смалявіцкага РАУС Ірыны Стральцовай з навучэнцамі ДУА "Сярэдняя школа №1 ім. Купрэвіча г. Смалявічы".
Акцыя была накіравана на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Інспектар у гульнявой форме нагадала дзецям асновы Правілаў дарожнага руху.
Ірына Аляксандраўна правяла з навучэнцамі тэматычную гутарку пра важнасць захавання Правілаў дарожнага руху, а таксама правяла тэматычныя віктарыны, падчас якіх з дзецьмі разглядаліся сітуацыйныя задачы. Як павінны паводзіць сябе на дарозе дзеці-пешаходы, дзеці-веласіпедысты і дзеці-пасажыры? На гэтыя і іншыя пытанні ў гульнявой форме адказвалі школьнікі.
Падчас сустрэчы была закранута і тэма выкарыстання святлоадбіўных элементаў у час летніх канікул.
Каб канікулы прайшлі добра, а галоўнае - бяспечна, пасля заканчэння сустрэчы Ірына Стральцова ўручыла ўсім флікеры.
- Прыемна, што дзеці дэманструюць добрыя веды ПДР, - адзначыла Ірына Стральцова. - На жаль, многія бацькі па-ранейшаму бесклапотна ставяцца да флікера, ігнаруюць правілы паводзін на дарозе, асабліва ў цёмны час сутак. Хай канікулы маленькіх пешаходаў будуць яркімі і бяспечнымі!