АДРАС:
222201, Мінская вобл.,
г. Смалявічы, вул. Савецкая, 125 (рэжым работы)
Тэлефон прыёмнай: +375 (1776) 4-42-91 ("гарачая лінія")
Факс: +375 (1776) 4-42-91
Тэлефон “гарачай лініі” райвыканкама: +375 (1776) 4-42-91 "гарачая лінія"
Тэлефон “гарачай лініі” КУП “Смалявіцкая ЖКГ” працуе з 8.00 да 13.00 і 14.00 да 17.00 панядзелак-пятніца па тэлефоне +375 (1776) 2-73-68
Адзіны нумар даведчай службы “адно акно” – 142
E-MAIL: isp@smolevichi.gov.by (для дзелавой перапіскі), обращения.бел для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.

 

user1

У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мітынг-рэквіем на плошчы Цырыманіялаў па традыцыі пачаўся а палове чацвёртай раніцы - за паўгадзіны да таго моманту, як 22 чэрвеня 1941 года перадсвітальную цішыню над горадам разарваў грукат снарадаў. Пагранічнікі першымі прынялі на сябе агонь праціўніка і стаялі насмерць. У памяць аб загінулых у першыя мінуты і гадзіны вайны і аб іх бяспрыкладнай мужнасці на воды Заходняга Буга былі спушчаны вянкі з запаленымі ад Вечнага агню свечкамі.

Вось ужо шмат гадоў Брэст у гэту ноч не спіць. Гараджане лічаць сваім абавязкам сустрэць світанне ў крэпасці, каб ушанаваць памяць тых, хто 80 гадоў таму не раздумваючы ўзняўся на абарону Айчыны. Разам з брастаўчанамі сюды прыйшлі шматлікія госці. Больш за сорак дэлегацый прыбылі напярэдадні ў пагранічны горад. Гэта прадстаўнікі органаў дзяржкіравання Беларусі, СНД, ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы, грамадскіх рухаў і арганізацый з Расіі, Францыі, Германіі, Сербіі, удзельнікі патрыятычных акцый, духавенства на чале з прадстаяцелем БПЦ, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам.

У гонар велічы подзвігу загінулых воінаў у неба былі выпушчаны белыя шары. Да Вечнага агню і некропаля члены дэлегацый усклалі кветкі і вянкі. Пад плітамі мемарыяла спачываюць 1038 абаронцаў крэпасці. Увекавечана 277 імёнаў, у іх ліку прадстаўнікі 21 нацыі і народнасці былога Савецкага Саюза. Мінутай маўчання і ружэйным залпам удзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць усіх тых, хто не вярнуўся з той далёкай вайны.

"Сёння апоўдні Беларусь з'яднаецца адзінай мінутай маўчання. І мы ўспомнім усіх, хто загінуў у той страшнай вайне. У гэтай памяці - наша сіла. Сіла беларускага народа, які выстаяў, захаваў мір на сваёй зямлі, пабудаваў незалежную краіну", - сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Ён асабліва падзякаваў замежным гасцям. "Ваша прысутнасць у гэты дзень у Брэсцкай крэпасці - лепшы доказ таго, што традыцыі адзінства, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прадаўжаюцца і сёння. Разам мы зробім усё, каб наша зямля больш ніколі не ведала жахаў вайны і ўсе світанні былі толькі мірнымі", - падкрэсліў губернатар.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што ў гэты дзень ёсць магчымасць асэнсаваць маштаб подзвігу абаронцаў Айчыны, якія выратавалі свет ад карычневай чумы фашызму. Словы, пакінутыя невядомым байцом на сцяне крэпасці - "паміраем, не саромеючыся", - успрымаюцца як формула маральнага выбару паміж жыццём і смерцю, абавязацельствам выканаць свой службовы абавязак, быць верным прысязе або змаладушнічаць і адступіць. "Асабліва значна, што прэзідэнты Беларусі і Расіі нязменна праяўляюць адзінства ў абароне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай, аб подзвігу савецкага салдата, працаўнікоў тылу, партызан. Гэта маральная пазіцыя кіраўнікоў дзяржаў яднае народы, дапамагае нам адчуваць сябе больш упэўнена, моцна. Стратэгічны выбар нашых народаў, кіраўнікоў, мільёнаў і мільёнаў суграмадзян у тым, каб мы жылі ў міры і пры гэтым ніколі не забывалі аб той маральнай шкале, якая асабліва адчуваецца сёння, у дзень 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны на свяшчэннай зямлі Брэсцкай крэпасці", - сказаў дзяржсакратар СД.

Мітынг завяршыўся ўрачыстым маршам войскаў Брэсцкага гарнізона. Новы мірны дзень над горадам прадоўжыўся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй на Кобрынскім умацаванні крэпасці.

Крнiца: БелТА

Упершыню на Стаўбцоўшчыне прайшоў рэспубліканскі трэйлавы бег «Шляхам Якуба Коласа». Прыгожыя мясціны на радзіме песняра гасцінна сустракалi спартсменаў і аматараў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія пераадольвалi дыстанцыі 6 і 10 кіламетраў, а таксама 30 км.

У адрозненне ад ранейшых забегаў, як адзначыла сябра Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Людміла Лучыновіч, вырашана прапанаваць удзельнікам максімальную 30-кіламетровую дыстанцыю, а не 20-кіламетровую, як звычайна.

Арганізатары не адыйшлі ад традыцыі сямейных і дзіцячых забегаў. Яны, дарэчы, карысталіся вялікім попытам, былі надзвычай відовішчнымі і моцнымі на падтрымку. Самыя маленькія ўдзельнікі, якім па 2-3 гадкі, дабягалі да фінішу на татавых плячах. 

Сапраўдным выпрабаваннем для бегуноў усіх узростаў стала спякотлівае надвор’е. На трох кропках — на старце і на фінішы (ля фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў Стоўбцах), а таксама на сярэдзіне дыстанцыі (на турбазе «Высокі бераг») дзяжурыла «хуткая дапамога». Арганізатары рэкамендавалі ўдзельнікам браць з сабой пітную ваду і выходзіць на старт у галаўным уборы.

Што значаць такія забегі, мы пацікавіліся ў генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Веранікі Грэсь.

— Мы імкнемся развіваць бегавую культуру, спартыўны турызм не толькі ў Мінску, але і ў абласных і раённых гарадах, — зазначыла генеральны сакратар БФЛА. - Многія, пабачыўшы сёння такія цудоўныя краявіды, захочуць потым прыехаць сюды турыстамі — са сваімі блізкімі, сябрамі. Гэта вельмі добра.

— Вераніка, чаго вы чакалi ад сённяшняга спартыўнага свята?

— Добрых эмоцый, абнаўлення асабістых рэкордаў і матывацыі да новых перамог. Той, хто бегае, жыве крута!

Што свята ўдалося, сведчыць добры настрой і ўдзельнікаў, і мясцовых жыхароў, якія з задавальненнем далучыліся ў якасці гледачоў і балельшчыкаў.

Крынiца: Минская правда

Беларускую вакцыну плануюць падвесці да будучага штама каранавіруса. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з калектывам 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне не спяшаюцца з вытворчасцю ўласнай вакцыны, як у іншых краінах, бо пакуль няма такой неабходнасці: у Беларусі наладзілі выпуск расійскага прэпарату, падстаўляюць плячо і кітайскія партнёры.

"Мы не будзем спяшацца. Мы ў будучым годзе створым сваю вакцыну, ужо апрабаваную. Гэта зараза ж муціруе, і невядома, які штам віруса будзе ў наступным годзе. Мы хочам сваю вакцыну падвесці якраз да той хваробы, таго штама віруса, які будзе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння спецыялісты Расіі заяўляюць, што ў іх успышка гэтага віруса, 90 працэнтаў з нечым - індыйскі штам. Што будзе ў наступным годзе, мы не ведаем. Але ведаем дакладна, што гэты вірус будзе з намі жыць".

Крынiца: БелТА

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я рады выканаць важную місію - уручыць Падзякі Прэзідэнта тым людзям, чыім прызваннем стала лячэнне. У гэтай зале прысутнічаюць лепшыя прадстаўнікі медыцынскай сферы - людзі, чый вопыт, кампетэнтнасць, прафесіяналізм і працавітасць атрымалі высокую ацэнку. Вы заслужылі ўдзячнасць тых, каго лечыце, ратуеце , ставіце на ногі, вяртаеце ў строй. Гэта і ёсць высакароднасць у прафесіі, якую вы выбралі для сябе ў якасці жыццёвага курсу", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на складанасць работы ў медыцынскай сферы і высокую цану памылкі. "Гэта прафесія патрабуе выключнай працавітасці, глыбокіх прафесійных ведаў, пастаяннага асваення новых метадаў лячэння, новых тэхналогій. Да таго ж цяпер няпросты час: усім нам, а вам асабліва, выпала змагацца з сусветнай напасцю - пандэміяй, якая паразіла планету. Гэта патрабуе асаблівай самааддачы. Урачы робяць усё магчымае для выратавання чалавечых жыццяў", - адзначыў ён.

"Рады магчымасці падзякаваць усёй медыцынскай супольнасці, пажадаць моцнага здароўя і натхнення, шчасця і дабрабыту напярэдадні прафесійнага свята. Няхай вас заўсёды сагравае і дае новыя сілы ўдзячнасць вашых пацыентаў", - дадаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр уручыў Падзякі Прэзідэнта больш як 20 работнікам аховы здароўя.

Узнагароды медыкам таксама ўручалі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла. У прыватнасці, былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу "Урач года - 2020". Сярод іх урач-акушэр-гінеколаг, загадчыца родавага аддзялення Бабруйскага радзільнага дома Ірына Паддубная, участковы ўрач-педыятр Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Рудзько, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозга РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзмітрый Цесакоў, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Рыкоўскі, урач агульнай практыкі, загадчык Занарацкай амбулаторыі Мядзельскай ЦРБ Данііл Емельяновіч.

Сярод іншых узнагарод, якія ўручаліся сёння медыкам, - медаль імя Флорэнс Найцінгейл, нагрудны знак "За працу ў імя жыцця".

Крынiца: БелТА

Дзяржава прадоўжыць інвесціраваць у аднаўленне гісторыка-культурных славутасцей. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, наведваючы Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба развіваць унутраны турызм. Заморскія паездкі, вядома, добра, але ўсё роўна большасць часу беларусы адпачываюць дома. Каб было куды ездзіць, трэба ўкладваць у інфраструктуру турызму, у тым ліку ў аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, практычна ўсё, што было створана ў Беларусі за многія стагоддзі і пакаленні, аказалася разбураным з-за розных гістарычных падзей, галоўным чынам ваенных. Таму дзяржава інвесціравала і прадаўжае ўкладваць вялікія грошы ў аднаўленне тых нямногіх уцалелых аб'ектаў", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр пабываў у экспазіцыйных залах Косаўскага палаца, азнаёміўся з рэстаўрацыйнымі работамі. Цяпер для наведвання адкрыты пяць залаў. Там адноўлены гістарычныя інтэр'еры. Акрамя антыкварных рэчаў і мэблі атмасферу дапаўняюць ляпніна, вітражы і роспіс. Асабліва прыцягвае ўвагу турыстаў Белая зала. У Івацэвіцкім раёне, дарэчы, адрадзілі традыцыю правядзення там баляў. Таксама ў адным крыле палаца ўладкавана гасцініца, у другім - працуе рэстаран.

Цяпер рэстаўрацыйныя работы вядуцца на другім паверсе. Спецыялісты працуюць над аднаўленнем інтэр'ераў гасцінай, бальнай залы ў стылі неаготыкі, агляднай пляцоўкі.

"Косаўскі замак карыстаецца вялікай цікавасцю, бачым добрыя патокі турыстаў, якія прыязджаюць у гэта ўнікальнае месца. Рэканструкцыя Косаўскага палаца пачалася ў 2008 годзе. У яго аднаўленне дзяржава ўклала каля Br21 млн, фінансаванне вядзецца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Выходзім на фінішную прамую, гатоўнасць аб'екта - больш за 80 працэнтаў. Тэрміны заканчэння ўсіх работ намечаны на снежань 2022 года", - адзначыў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Ён таксама расказаў аб рэканструкцыі Ружанскага палацава-паркавага ансамбля, які знаходзіцца паблізу. "Вядуцца работы па Усходнім корпусе. Аднак у большай ступені непакоіць захаванасць гэтага ўнікальнага аб'екта. Будзем абмяркоўваць з калегамі пытанне, каб правесці кансервацыю асобных элементаў комплексу, каб не дапусціць разбурэння. Потым па меры магчымасцей, думаю, будзем вяртацца і паэтапна праводзіць работы", - растлумачыў міністр.

Крынiца: БелТА

Старонка 58 з 61
© Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2023
Распрацоўка сайта - УП «Мінская хваля» | Інфармацыйнае суправаджэнне УП Iнфармацыйнае агентства «Мінская прауда»
object.onload = function(){myScript}