Акцыя "Моладзь за бяспеку" стартавала 21 верасня ў Мiнскай вобласці, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МНС.
Першы этап пад назвай "112 добрых спраў" працягнецца па 30 верасня. За гэты час моладзевы дэсант разам з ратавальнікамі наведае дамы адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ім акажуць пасільную дапамогу: дровы нарыхтуюць, навядуць парадак, устанавяць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і інш. Падключацца і тэрытарыяльныя падраздзяленнi Чырвонага Крыжа, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства, студэнты.
Пенсіянерам прапануюць адчуць сябе зоркамі тэлеэкрана, прыняўшы ўдзел у здымках ролікаў "Бабуліны рэцэпты бяспекі". Рыхтуючы стравы беларускай кухні, юныя ратавальнікі разам з пажылымі людзьмі будуць распавядаць пра тое, якія пры гэтым неабходна выконваць меры бяспекі. Так пенсіянеры змогуць не толькі незвычайна правесці час, але і ўспомніць, у якіх умовах трэба ўтрымліваць жыллё, каб не здарылася бяда.
Другі этап, які пройдзе па 9 кастрычніка, запланаваны ў дамах састарэлых, дамах ветэранаў, тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва, дамах культуры, а таксама сярод аматарскіх аб'яднанняў (клубаў, гурткоў) для людзей сталага ўзросту. Пенсіянеры змогуць паспаборнічаць у майстэрстве складання вясёлых чатырохрадкоўяў "Прыпеўкі бяспекі" і паўдзельнічаць у конкурсе "СуперСТАР". Сёлета пройдзе яшчэ адзін конкурс - "Мудрасць. Вопыт. Бяспека". У праграме творчыя выступленні, прэзентацыі прадметаў рукадзелля і вытанчаных страў, зробленых на тэму бяспекі жыццядзейнасці, хуткаснае адзенне ў баёўкі і нават "Модны прысуд". Арганізатары конкурсу дакажуць, што ўзрост - не перашкода для актыўнага і яркага жыцця.
Падчас фінальнага этапу, які пройдзе з 12 па 16 кастрычніка, асаблівую ўвагу нададуць юным ратавальнікам-пажарным. Для іх пройдзе "Восеньскі баль юных выратавальнікаў", дзе рабят прысвецяць у шэрагі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП) і ўручаць членскія білеты, а таксама ўзнагародзяць лепшых актывістаў моладзевай арганізацыі.
А для насельніцтва пройдуць шырокамаштабныя мерапрыемствы. Супрацоўнікі МНС, заручыўшыся падтрымкай юных ратавальнікаў-пажарных, работнікаў устаноў культуры, вядучых і дыджэяў мясцовых радыёстанцый, падораць людзям творчыя нумары мастацкай самадзейнасці, гульні КВЗ, правядуць конкурсы, віктарыны, латарэі, прадэманструюць відэафільмы на супрацьпажарную тэматыку, распаўсюдзяць наглядна-выяўленчую прадукцыю, а таксама правядуць яркі флэшмоб, прысвечаны дню нараджэння БМГАРП.
Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных была створана па ініцыятыве МНС 14 кастрычніка 2001. Цяпер у яе ўваходзяць больш за 150 тыс. удзельнікаў з усіх куткоў краіны.