Менш чым праз тыдзень у Мінску адбудзецца VІ Усебеларускі народны сход. Сярод удзельнікаў сходу - прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства з усіх куткоў постаці.
Прадстаўнікі Смалявіччыны таксама прымуць удзел у маштабным форуме. Загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян ГУ «Смалявіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», дэпутат Пліскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Палегошко з'яўляецца дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу.
- Усебеларускі народны сход - значная падзея ў жыцці нашай краіны, таму быць яго удзельнікам вельмі хвалююча і ганарова, - падзялілася Таццяна Віктараўна. - Маштабны форум падвядзе вынікі дыялогавых пляцовак, якія праходзілі ў розных рэгіёнах краіны, а значыць, лепшыя ідэі і прапановы, якія выказалі нашы грамадзяне, будуць пачутыя.
Таццяна Віктараўна расказала, што сустрэча з дэлегатамі ў Барысаве, якая праходзіла ў канцы студзеня, зрабіла на яе моцнае ўражанне.
- У нас была магчымасць абмеркаваць розныя пытанні - ад прамысловасці, сацыяльнай сферы да палітыкі. Упэўнена, што на VI Усебеларускім народным сходзе адбудзецца аб'ектыўнае, падрабязнае абмеркаванне ўсіх актуальных пытанняў, дзе кожны ўдзельнік ад імя працоўнага калектыву, арганізацыі або аб'яднання зможа выказаць сваё меркаванне, і нашы прапановы будуць максімальна ўлічаны, - рэзюмавала дэлегат.
Гутарыла Лідзія Судніковіч.
Фота з архіву рэдакцыі.