Першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер ДВА "Белэнерга" Уладзімір Баброў расказаў сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА аб перспектывах па пашырэнні выкарыстання электраэнергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы.
Тэхналагічны цыкл выканання работ па рэканструкцыі электрычных сетак - каля паўтара года. "Спачатку - праектныя работы, вырашэнне ўсіх адміністрацыйных задач, затым выконваюцца будаўніча-мантажныя работы па замене правадоў, узмацненні апорных канструкцый. У населеных пунктах, да якіх не падведзены цэнтралізаваныя сеткі цепла- і газазабеспячэння, апытваем грамадзян на прадмет зацікаўленасці ў выкарыстанні электраэнергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Вынікі апытання ўлічваюцца пры праектаванні электрасетак. У населеных пунктах, дзе ёсць гэтыя цэнтралізаваныя сеткі або планы па іх будаўніцтве, рэканструкцыя электрасетак выконваецца без уліку выкарыстання на іншыя мэты", - сказаў Уладзімір Баброў.
Паводле яго слоў, востра стаіць пытанне аб рэканструкцыі сетак, якія не маюць 100-працэнтнага зносу, пры гэтым ёсць людзі, зацікаўленыя выкарыстоўваць электраэнергію для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. "Каб урэгуляваць гэта пытанне, цяпер падрыхтаваны і праходзяць узгадненне праекты нарматыўных прававых актаў. Яны прадугледжваюць прадастаўленне магчымасці грамадзянам, зацікаўленым у рэканструкцыі такіх электрасетак, паўдзельнічаць у фінансаванні работ для забеспячэння больш шырокага выкарыстання электраэнергіі. Аналагічны падыход выкарыстоўваўся і пры будаўніцтве газаправодаў", - адзначыў першы намеснік гендырэктара.