У бягучым годзе павялічацца аб'ёмы ўзаемнага гандлю Беларусі і Кітая. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасол падкрэсліў, што Кітай па аб'ёмах экспартных паставак з Беларусі перамясціўся з трэцяга на другое месца, апярэдзіўшы Украіну (на першым месцы па экспарце знаходзіцца Расія). "Мы перакананы, што аб'ёмы ўзаемнага гандлю ў нас узрастуць, перашкод або стрымальных фактараў для гэтага абсалютнага ніякіх няма", - падкрэсліў Юрый Сянько.
Паводле яго даных, паказчыкі ўзаемнага тавараабароту ў гэтым годзе абнадзейваюць. Ён узрастае нават у параўнанні з дапандэмійным 2019 годам. "За шэсць месяцаў бягучага года беларускі экспарт у Кітай дасягнуў $450 млн, - праінфармаваў пасол. - Нават на фоне складанага пандэмійнага 2020 года рост тавараабароту нашых краін даў плюс 9,4 працэнта, склаўшы ў цэлым $777 млн".
"Кітай ведае Беларусь, беларускія прадукты і тавары. Кітай з задавальненнем іх купляе. Часам беларускіх экспарцёраў хвалюе доўгая лагістыка, складанасць з дастаўкай, узаемаразлікі, - адзначыў Юрый Сянько. - Але тыя прадпрыемствы, якія выбудавалі адносіны з кітайскімі партнёрамі, нарошчваюць аб'ёмы. Мы гэта бачым па статыстыцы і аказваем усялякае садзейнічанне, каб яны нарасталі".
Крынiца: БелТА