У гэты ж дзень яго павіншавалі старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратамскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вячаслаў Лапатка, а таксама старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Смалявічы Бройлер" Сяргей Лінчык і намеснік дырэктара філіяла "Смалявічы Дэйрыз" ААТ "Смалявічы Бройлер" Міхаіл Сімановіч. На рахунку ў аграрыяў кожная пагодлівая гадзіна, таму віншаванні і падарункі – прама ў поле. Лідара жніва не толькі цёпла павіншавалі з працоўнай перамогай на хлебнай ніве, але і ўручылі яму заслужаныя ўзнагароды.
Аляксей Ласіцкі працуе ў гаспадарцы з 2002 года. Некалькі гадоў таму ён ужо станавіўся першым "тысячнікам" у раёне. На пытанне аб тым, як удалося раней калегаў пераадолець тысячны рубеж па намалоце збожжа, адказвае, што ў ўборцы хлеба трэба імкнуцца, прыкладаць намаганні, але важна і шанцаванне.
Механізатар дамогся высокага выніку на камбайне John Deere S670.
- На ўборцы я працую ўжо шаснаццаты сезон, - распавядае Аляксей Леанідавіч. - Шчыра сказаць, сябе ў іншай прафесіі не ўяўляю. Прывык да працы на зямлі. Калі не падвядзе надвор'е і тэхніка, то наступную тысячу доўга чакаць не прыйдзецца - працы ў нас яшчэ шмат.
Добры старт ушанавання лідараў уборачнай кампаніі дадзены. Справа за малым - з кожным днём папаўняць агульную скарбонку будучага ўраджаю раёна.