АДРЕС:

222201, Минская обл.,
г. Смолевичи, ул. Советская, 125
(режим работы)
Телефон приемной: +375 (1776) 4-42-91 "горячая линия"
Факс: +375 (1776) 2-76-33
Телефон «горячей линии» райисполкома: +375 (1776) 4-42-91 "горячая линия"

Телефон «горячей линии» КУП «Смолевичское ЖКХ» работает с 8.00 до 13.00 и 14.00 до 17.00 понедельник-пятница по телефону +375 (1776) 2-73-68

Единый номер справочной службы «одно окно» - 142

E-MAIL: isp@smolevichi.gov.by (для деловой переписки), обращения.бел для обращений граждан и юридических лиц.

 

 

 

09.07.2020, 12:48

Настаўнік. Воін. Пісьменнік

Праз колькі дзён у літаратурным свеце будзе адзначацца адметная дата – дзень нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Івана Сіняўскага.

Яшчэ пры жыцці наш знакаміты зямляк Іван Іванавіч Сіняўскі казаў, што не любіць адзначаць свой дзень нараджэння, бо выпадае ён на 22 чэрвеня – дзень пачатку вайны, дзень смутку і жалобы.. Розніца толькі ў тым, што будучы пісьменнік вайну сустрэў ужо ў сталым узросце, у 22 гады. Але яна пакінула ў яго душы такі глыбокі след, што і да сваіх апошніх дзён бярэдзіла сэрца, літаратурным словам вяртала ў мінулае, бо стала адной з галоўных тэм яго творчасці.

Нарадзіўся Іван Сіняўскі ў вёсцы Жажэлка ў сялянскай сям’і хлебаробаў. Вучыўся ў Жажэлкаўскай пачатковай школе, потым у Смалявіцкай школе калгаснай моладзі, дзе ўрокі батанікі вёў Васіль Феафілавіч Купрэвіч, які пазней стаў вядомым беларускім вучоным, узначальваў Акадэмію навук БССР. Настаўнік аказаў прыкметны ўплыў на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка. Але да пісьменніцкага звання было яшчэ далёка, хоць цяга да літаратурнай творчасці ў юнака праявілася рана. У адным з сваіх успамінаў Іван Іванавіч прызнаваўся:У дзевятым класе мяне выбралі рэдактарам агульнашкольнай сценгазеты. Мае вершы пачалі змяшчаць у школьным літаратурным альманаху. Любоў да мастацкага слова прывіў нам, вучням, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Яфім Максімавіч Гаварушка. Гэта быў цудоўны педагог, паэт, артыст. Ён з захапленнем расказваў нам пра класікаў беларускай літаратуры Янку Купалу і Якуба Коласа. Аднойчы на занятках літгуртка, прачытаўшы мой новы верш, ён сказаў:

— Прапаную яго рэдакцыі райгазеты.

А тыдні праз два ў газеце “Шлях калектывізацыі” быў надрукаваны мой новы верш пра Купалу”.

У 1937–1941 гадах Іван Сіняўскі – студэнт літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, удзельнічаў у літаратурным гуртку. Гэта былі гады творчага натхнення, ідэйнага і адукацыйнага росту, гады радасці і нягод. Тут сур’ёзна пачаў займацца літаратурай. Літаратурны гурток у тыя гады наведвалі студэнты Іван Грамовіч, Мікола Лупсякоў, Мікола Аўрамчык, Вера Палтаран, Аляксей Коршак і шмат іншых, якія потым сталі пісьменнікамі. У жніўні 1940 года газета “Літаратура і мастацтва” змясціла апавяданне Сіняўскага “Шафа”. У хуткім часе меркаваў надрукаваць яшчэ некалькі апавяданняў, але пачалася вайна.

25 чэрвеня 1941 года мы, студэнты-выпускнікі, павінны былі здаваць aпошні дзяржаўны экзамен па педагогіцы, — распавядаў пазней ва ўспамінах Іван Іванавіч.— Экзамен не адбыўся. Наляцеў нямецкі самалёт i скінуў бомбу на вучэбны корпус. Мы, хлопцы, пайшлі ў ваенкамат, каб стаць на абарону Айчыны са зброяй у руках. Але там ужо ішла поўным ходам эвакуацыя, i нам сказалі ісці ў Барысаў. Больш за два тыдні давялося дабірацца з Мінска да paкі Бярэзіны. Гэта быў шлях пакут i жахаў. Тысячы людзей ішлі і ехалі на ўсход. Старыя, жанчыны, дзеці. Дзеці неслі дзяцей. Ішлі цяжка параненыя i хворыя, iшлі стомленыя, абяссіленыя. Ішлі глухімі, нябойкімі дарогамі, бо па магістралі Масква –Mінск паўзла ўжо фашысцкая apмія. Людзі стараліся трымацца як найдалей ад магістралі, каб не чуць скрыптанне танкаў, каб не так быць на віду ў фашысцкіх сцярвятнікаў, якія ад цямна і да цямна пасыпалі дарогі кулямётнымі чэргамі, бамбілі фугаскамі”.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Сіняўскі жыў у бацькоў у вёсцы, працаваў па гаспадарцы. З лета 1942 года быў партызанскім сувязным, у 1943–1944 гадах –

партызан атрада імя В. Чкалава брыгады «Смерць фашызму». Прымаў удзел у дыверсіях на дарогах Лагойск – Зембін – Бягомль – Плешчаніцы, удзельнічаў у баявых аперацыях.

Пасля вызвалення Беларусі нейкі час працаваў інспектарам Смалявіцкага раённага аддзела народнай адукацыі, затым быў прызваны ў дзеючую Савецкую армію. Удзельнічаў у баях за вызваленне Варшавы, ва Усходняй Прусіі і Памераніі, у фарсіраванні Одэра, ва ўзяцці Берліна. За мужнасць у баях з ворагам быў узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені, медалямі.

У 1945 годзе Іван Іванавіч быў дэмабілізаваны. Пасля вяртання на радзіму працаваў дырэктарам Жажэлкаўскай сямігадовай школы, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў гэтай жа школе. І ўсё больш часу пачаў аддаваць літаратурнай творчасці.

Іван Сіняўскі з’яўляецца аўтарам зборнікаў апавяданняў «У навальніцу», «Новая школа», «Піянерскі гальштук». Ён таксама выдаў кнігі прозы «А вяселля не было», «Ой, рэчанька, рэчанька…» (1962), «Дабрадзейка», «На правым флангу», «Марка», «Вернасць», «Зараніца» (1971), зборнік апавяданняў «Ахвяры кахання» (1999), раман “Дарога на Замлынне” (1980), раман «Вярыгі» (2001) і іншыя.

У творах Івана Сіняўскага на першым плане былі тыя праблемы, што хвалявалі людзей, краіну, тагачасную вёску. У рамане «Дарога на Замлынне» асэнсоўваўся подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Аповесць «На правым флангу» прысвечана нашаму земляку з Жодзіна Герою Савецкага Саюза Пятру Купрыянаву. У лірычнай аповесці «Сінія ночы» расказвалася пра вёску напярэдадні калектывізацыі, аб адданасці селяніна зямлі. Апавяданні і аповесці І. Сіняўскага таксама вызначаюцца глыбокім веданнем жыцця вясковых дзяцей, іх псіхалогіі, мастацкім даследваннем станаўлення характару школьнікаў.

У 1959 годзе Іван Іванавіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

На працягу многіх гадоў Іван Сіняўскі плённа супрацоўнічаў з рэдакціяй раённай газеты “Край смалявіцкі”. На яе старонках друкаваліся апавяданні і ўрыўкі з многіх аповесцей і рамана “Вярыгі”. Менавіта жыхары раёна былі першымі крытыкамі новых твораў свайго знакамітага земляка, пры сустрэчах у рэдакцыі ці па тэлефоне маглі падзяліцца з ім сваімі ўражаннямі, нешта падказаць, бо многія творы Сіняўскага пабудаваны на мясцовым матэрыяле. Акрамя таго, у газеце друкаваліся нарысы і замалёўкі пісьменніка пра многіх выдатных працаўнікоў Беларускага аўтазавода і горада Жодзіна, дзе ў апошнія гады ён жыў. Іван Іванавіч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні дакументальнай кнігі-хронікі “Памяць. Смалявіцкі раён і г. Жодзіна”. Пісьменнік пакінуў багатую літаратурную спадчыну сваім нашчадкам: ёсць што пачытать і чаму павучыцца.

Памятаю яго прыходы да нас у рэдакцыю. Гэта былі цікавыя сустрэчы. Нават у самай звычайнай прыватнай гутарцы ўмеў знайсці словы, каб падштурхнуць да роздуму, творчасці, дзейнасці. А гэта ж былі суровыя дзевяностыя гады, калі не заўсёды можна было разабрацца ў неадназначных падзеях тагачаснага жыцця і зразумець, дзе праўда, дзе фальш. “Жывіце па сумленні, не губляйце прыстойнасці і ўсё ў нас наладзіцца”, — запомніліся яго парады.

Памёр пісьменнік 15 верасня.2001 года.

Э.ПАТАПЧЫК.

На здымку: Іван Сіняўскі.

Фота з архіва рэдакцыі.

 

Прочитано 696 раз
Оцените материал
(0 голосов)
© Смолевичский районный исполнительный комитет, 2008-2023
Разработка сайта - УП «Минская волна» | Информационное сопровождение УП Информационное агентство «Минская правда»
object.onload = function(){myScript}