Уздзенскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымаў у падарунак спецыяльна абсталяваны камфартабельны мікрааўтобус для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Ключы ад новага транспартнага сродку ўручыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў.
Год таму да Ігаруа Яўсеева прыйшла на асабісты прыём мама аднаго з выхаванцаў цэнтра і распавяла аб тым, што аўтобус, які перавозіць дзяцей, стаў часта ламацца. Пасля вывучэння сітуацыі прынялі рашэнне знайсці сродкі для куплі новага аўтобуса. Палову патрэбнай сумы вылучыла Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, другую частку - Уздзенскі райвыканкам.
- З майго боку пытанне было ўзята на кантроль. Я трымаў сувязь з мамай дзіцяці па тэлефоне. Яна інфармавала мяне, як дзеці дабіраюцца ў школу. І сёння доўгачаканы дзень надышоў, мы падарылі гэтую машыну, у якой ёсць два месцы для інвалідаў-калясачнікаў. Аўтобус абсталяваны спецыяльным пандусам для заезду калыскі. Заднія дзверы адкрываюцца, дзіця можа заехаць сам. Тут высокія столі і вялікія вокны, дзецям будзе светла і зручна ездзіць у школу. Акрамя таго, ёсць двое дзяцей, якія навучаліся дома, а цяпер іх будуць прывозіць у школу, таму для мяне сёння гэта лепшы падарунак, - заявіў журналістам Ігар Яўсееў.
Дырэктар цэнтра Марына Паўловіч дадала, што ў сувязі са з'яўленнем новага аўтобуса дзетак чакае шэраг сюрпрызаў: напрыклад, паездка да беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу, іншыя масавыя мерапрыемствы.