Напярэдадні Дня ўтварэння Дзяржаўтаінспекцыі ДАІ Смалявіцкага РАУС павіншавала пераможцаў і ўдзельнікаў раённага конкурсу малюнка "Дзеці за бяспеку ў фарбах".
На працягу некалькіх тыдняў юныя мастакі дасылалі свае працы ў Смалявіцкі АДАІ. Хлапчукі і дзяўчынкі з дапамогай алоўкаў і фарбаў паказалі, як трэба паводзіць сябе на праезнай частцы і як павінны ставіцца адзін да аднаго ўдзельнікі дарожнага руху.
Акрамя графічнага складніка, члены журы ацэньвалі таксама і сэнсавы кампанент: наколькі экіпіроўка намаляваных на малюнках удзельнікаў дарожнага руху і іх транспартных сродкаў адпавядала патрабаванням ПДР.
Напярэдадні прафесійнага свята інспектары ўручылі дзецям карысныя падарункі і нават дазволілі прымерыць форму і пракацілі ў салоне службовага аўтамабіля. Так, юны мастак Аляксей Мядзведзеў, дасылаючы працу на конкурс, паказаў у лісце, што ў яго ёсць малодшы брат Стас, які марыць пракаціцца ў службовым аўтамабілі ДАІ. Інспектары з радасцю далі яму такую магчымасць.
- Выбраць пераможцаў з такой разнастайнасці работ было вельмі няпроста, - кажа інспектар ДПС АДАІ Смалявіцкага РАУС Ірына Стральцова. - Дзеці вельмі стараліся, таму працы атрымаліся яркімі і цікавымі і мы вырашылі заахвоціць усіх удзельнікаў.
Дзяржаўтаінспекцыя дзякуе ўсім юным мастакам за актыўны ўдзел у конкурсе і спадзяецца на такія ж творчыя і цікавыя працы ў будучыні!